Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Спектаклі

Брэсцкая крэпасць стала сімвалам мужнасці савецкіх воінаў на пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Беларускі драматург Канстанцін Лявонавіч Губарэвіч (1907–1987) у 1949 г. напісаў п’есу ў 3-х актах 8-мі карцінах «Цытадэль славы», якая распавядала аб гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 г. Гэта быў адзін з першых мастацкіх твораў аб героях-абаронцах крэпасці. П’еса была пастаўлена рэжысёрам Канстанцінам Мікалаевічам Саннікавым у Беларускім драматычным тэатры імя Я. Купалы. Прэм’ера – 4 кастрычніка 1950 г. Аднак спектакль аказаўся незаўважаны крытыкамі і гледачамі, праз некалькі прадстаўленняў зняты з рэпертуару.

Канстанцін Лявонавіч Губарэвіч нарадзіўся 5 студзеня 1907 г. у в. Радучы Чавускага павета Магілёўскай губерні (цяпер Чавускага раёна Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. У школе захапляўся мастацкай самадзейнасцю, наведваў драматычны гурток. У 1927 г. закончыў Магілёўскі педагагічны тэхнікум, настаўнічаў на Гомельшчыне, працаваў у газеце.

Пасля заканчэння сцэнарнага аддзялення Дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве (1931) Канстанцін Губарэвіч працаваў рэдактарам сцэнарнага аддзела кінастудыі «Белдзяржкіно» ў Ленінградзе (1931–1933), галоўным рэдактарам гэтага ж аддзела ў Мінску (1933–1938), галоўным рэдактарам студыі дакументальных фільмаў у Мінску (1938–1941). У час Вялікай Айчыннай вайны – рэдактар радыёстанцыі «Савецкая Беларусь». З 1944 г. загадваў аддзелам палітвяшчання і літаратурных перадач на Беларускім радыё, з 1949 г. узначальваў аддзел мастацтва ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў галоўным рэдактарам рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР (1962–1970).